Па меркаванні беларускага кінакрытыка Тараса Тарналіцкага, серыял “За паўгадзіны да вясны” пра заснавальніка і кіраўніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна трапіў пад нажніцы цэнзараў. Яўным доказам таму стала знікненне двух актораў з афішы фільма – беларусаў Дзмітрыя Есяневіча і Георгія Пятрэнкі, на якія звярнуў увагу аўтар тэлеграм-канала “Священный Белавуд”.
Дзмітрый Есяневіч выконваў у стужцы ролю Аляксандра Дзямешка, барабаншчыка “Песняроў”, а Георгій Пятрэнка – саліста ВІА – Анатоля Кашэпарава. Тыдзень таму выявы актораў яшчэ можна было заўважыць на афішы серыяла – сёння яны прыбраны з рэкламнай прадукцыі. Гэтаксама, на думку аўтара тэлеграм-канала “Священный Белавуд”, максімальна выразаны сцэны з іх прысутнасцю на экране.
Дзмітрый Есяневіч – актор-купалавец, які разам з калегамі сышоў з Купалаўскага тэатра ў 2020 годзе ў адказ на тэрор уладаў у дачыненні да мірных беларусаў. Сёння ён грае ў складзе незалежнай тэатральнай групы “Вольныя Купалаўцы”, а гэтаксама вядомы праз сатырычны праект “ЧынЧынЧанэл”, які стварае разам з акторам Міхаілам Зуем, таксама “купалаўцам” у выгнанні.
Як піша Тарас Тарналіцкі, Міхаіл Зуй гэтаксама быў задзейнічаны ў серыяле, і сцэны з яго ўдзелам, верагодна, таксама прыбраны з кіно. І Есяневіч, і Зуй, як і іншыя “купалаўцы”, знаходзяцца ў “чорным спісе” Міністэрства культуры, і гэта далёка не першы прыклад цэнзуры фільмаў з іх удзелам. (Тут можна ўзгадаць тую ж стужку “Авантуры Пранціша Вырвіча”, у якой разам здымаліся і Есяневіч, і той жа Пятрэнка. Пасля гучнага старту гэта кіно, створанае на кінастудыі “Беларусьфільм”, “паспяхова” лягло на паліцу).
Па меркаванні Тараса Тарналіцкага, у дачыненні да серыяла “За паўгадзіны да вясны” “цэнзура адбылася, каб атрымаць у Мінкульта дазвол на паказ стужкі ў Беларусі”. Аднак пакуль пра выхад карціны ў краіне інфармацыі не было.
Тым часам з 10 красавіка “За паўгадзіны да вясны” дэманструецца на расійскім Першым канале і анлайн-платформе START.
Толькі нядаўна Reform.by пісаў пра замоўчванне з боку расійскіх партнёраў беларускага мастацкага ўнёску ў праект, як бачым, Міністэрства культуры Беларусі гэтаму актыўна дапамагае.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: