“Шэпт” на экспарт. Польскі тэатр без дазволу выкарыстаў у пастаноўцы фатаграфію з праекта Сяргея Лескеця. Ці ўдалося пагасіць скандал?

Главное
Яніна. Фрагмент фотаздымка Сяргея Лескеця.

Кніга, выстава, спектакль… Праект беларускага фатографа і аўтара Сяргея Лескеця “Шэпт”, прысвечаны бабулям-шаптухам і іх знікаючай справе, за мінулыя гады трапіў у лік самых яскравых падзей культурнага жыцця ў Беларусі. Ён займеў самыя розныя ўвасабленні і прачытанні, ды і сёння працягвае жыццё, атрымоўваючы новыя прапановы ад рэжысёраў, мастакоў і выдаўцоў. Але за мяжой “Шэпт” пакуль існуе як набор фатаграфій невядомага аўтара. Да такой высновы можна прыйсці, дазнаўшыся пра інцыдэнт у польскім тэатры TR Warszawa. Выява беларускага фатографа была задзейнічана ў новым спектаклі інстытуцыі, але пра гэта аўтар даведаўся цалкам выпадкова.

Што за спектакль?

“Кацяня памачылася на мой сцяг. Хронікі з Данбаса” (Mój sztandar zasikał kotek. Kroniki z Donbasu) – тэатральны праект па творах украінскай аўтаркі Лены Лягушонкавай быў прэзентаваны публіцы напрыканцы красавіка. Яскравая пастаноўка польскай рэжысёркі і акторкі Аляксандры Паплаўскай злучае некалькі п’ес драматургіні – перад гледачом паўстае гісторыя сям’і, якая жыве ў невялікім мястэчку ля Данбаса. Гісторыя, якая заснавана на асабістым досведзе Лены Лягушонкавай, “не толькі дае зразумець кантэкст цяперашняй вайны з Расіяй, але, перш за ўсё, паказвае лёсы людзей, якія пад націскам гісторыі спрабуюць застацца ў жывых і захаваць сваю годнасць”. Так гучыць анатацыя да спектакля.

“Праект “Кацяня памачылася на мой сцяг” – гэта новая форма талакі – узаемадапамогі і супольнасці, дзе аб’ядноўваюцца польскія і ўкраінскія мастакі. Калісьці ва Украіне збіраліся на талаку падчас жніва ці высечкі лесу – сёння для адбудовы вызваленых вёсак. Раней талака пачыналася з частавання, якое часта суправаджалася музыкай і танцамі, і заканчвалася сытнай ежай і напоямі. Мы запрашаем вас на нашу рэйв-падобную талаку, на чырвоную дарожку, разгорнутую ў адноўленым, вольным Луганску. “Таму што Луганск прыгожы, як Каны”, – вітае публіку і вызначае адметнасць падстаноўкі на сайце тэатра TR Warszawa рэжысёрка Аляксандра Паплаўская.

"Шэпт" на экспарт. Польскі тэатр без дазволу выкарыстаў у пастаноўцы фатаграфію з праекта Сяргея Лескеця. Ці ўдалося пагасіць скандал?
Сцэна са спектакля “Кацяня памачылася на мой сцяг. Хронікі з Данбаса”. Фота: Wojciech Sobolewski, сайт тэатра.

У спектаклі задзейнічаны польскія і ўкраінскія акторы. Над яго сцэнаграфіяй працаваў польскі мастак, але таксама ў камандзе, адказнай за сцэнічнае афармленне, былі і ўкраінскія творцы.

Пастаноўка ўжо выклікала ўвагу прэсы, атрымала добрыя рэцэнзіі, і яе паказы анасуюцца на бліжэйшыя месяцы.

Здавалася б, трапіць у такі праект для кожнага аўтара – поспех. Але калі фатаграфію з твайго праекта выкарыстоўваюць без твайго дазволу – магчымы поспех пераўтвараецца ў скандал.

Як гэта высветлілася?

Тое, што фотаздымак з нашумелай у Беларусі серыі і кнігі трапіў у новую пастаноўку TR Warszawa, высветліла беларуская тэатральная менеджарка Лена Канцэвіч. Адмыслоўца – не першы год у індустрыі тэатра, і, у прыватнасці, толькі на пачатку года працавала над сумесным нямецка-беларускім праектам “Купалаўцы: Kuo vadis?”, у якім твор Сяргея Лескеця акурат атрымаў рэжысёрскае прачытанне Рамана Падаляка.

Наша субяседніца выбралася на новы спектакль у TR Warszawa свядома – TR Warszawa лічыцца прагрэсіўным і адным з найлепшых тэатраў на польскай сцэне. Гэтаксама Лена Канцэвіч з’яўляецца прыхільніцай твораў украінскай драматургіні Лены Лягушонкавай.

Я бачыла пастаноўку “Маць Горкага” па яе п’есе ў Штутгарце, – дзеліцца адмыслоўца. – Вельмі класны спектакль. Калі я пачула, што новая пастаноўка ў Варшаве ў TR Warszawa будзе па яе драматургіі, вырашыла схадзіць абавязкова.

Менеджарка купіла квіткі, трапіла на спектакль, і практычна адразу, у першых сцэнах, убачыла на адмысловай канструкцыі на сцэне праекцыю фатаграфіі Сяргея Лескеця.

Не пазнаць яе было немагчыма. Сяргей Лескець выступіў са сваёй кнігай у беларускай прасторы надзвычай яскрава. Яго вобразы бабулек-шаптух моцна запамінаюцца. І тым больш гэтая ж самая фатаграфія была i ў пастаноўцы Ромы Падаляка на нашым праекце. Разоў сто бачыла яе ў нашых декарацыях, – дадае яна. – “Ого! Варта павіншаваць Сяргея”, – падумалася мне тады, калі з’явілася праекцыя фотаздымка. Але на ўсялякі выпадак я вырашыла пашукаць імя Сяргея на сайце тэатра.

"Шэпт" на экспарт. Польскі тэатр без дазволу выкарыстаў у пастаноўцы фатаграфію з праекта Сяргея Лескеця. Ці ўдалося пагасіць скандал?
Фота Сяргея Лескеця, што было задзейнічна ў пастаноўцы TR Warszawa.

Але згадку пра працу суайчынніка на старонцы TR Warszawa Лена не знайшла.

Тут варта дадаць, што фотаздымак беларускага аўтара з’яўляецца ў спектаклі не аднойчы. Лена адзначыла, што праекцыя фатаграфіі выкарыстоўваецца на пачатку тэатральнага дзеяння; затым фатаграфія “ажывае” ў сцэне замовы – здымак анімавалі ў мастацкіх мэтах; і таксама напрыканцы пастаноўкі яна становіцца часткай агульнага калажу.

Згодна з сюжэтам спектаклю, бабуля галоўнай гераіні – шаптуха. Адпаведна фотаздымак беларускага фатографа адыгрывае ролю візуальнага ўвасаблення гэтага персанажа, – удакладняе кантэкст Лена Канцэвіч.

Калі менеджарка пасля сваіх пошукаў звязалася з беларускім фатографам наконт яго працы, высветлілася, што пра выкарыстанне фотаздымка ва ўкраінска-беларускім праекце ён нічога не ведае.

Гэта быў сюрпрыз для яго, – канстатуе наша субяседніца. – Тады я параілася з Сяргеем і прапанавала яму ад свайго імя звязацца з тэатрам і пазначыць праблему. Мне падалося важным не пакідаць гэту справу, – распавядае беларуска.

“Гэта далёка не першы выпадак”

Сяргей Лескець прызнаўся, што калі пачуў ад Лены навіну пра свой здымак, ён быў агаломшаны.

Я ўжо не першы раз у сваім жыцці сустракаюся з практыкай, калі маімі напрацоўкамі карыстаюцца чужыя людзі. Нібыта так і трэба. І тое, што гэта адбываецца ў нашай беларускай прасторы, – ні для каго не сакрэт, у нас бы яшчэ сказалі, што сам вінаваты, – смяецца аўтар. – Але калі сустракаешся з такімі парушэннямі аўтарскага права ў замежных краінах – гэта расстройвае, – дадае мастак.

Сяргей Лескець распавёў, што калі фотаздымкі з яго серыі бабулек-шаптух пачалі з’яўляцца ў публічным полі, друкавацца ў замежных часопісах, ён атрымліваў нямала прапаноў “сумніўнага кшталту” ад розных культурных дзеячаў.

"Шэпт" на экспарт. Польскі тэатр без дазволу выкарыстаў у пастаноўцы фатаграфію з праекта Сяргея Лескеця. Ці ўдалося пагасіць скандал?
У 2021 годзе выйшла кніга Сяргея Лескеця “Шэпт” пра бабулек-шаптух, у якой ён захаваў успаміны пра свае сустрэчы з імі. Гэтаксама ў выданні былі надрукаваны партрэты жанчын. Фота: фейсбук Сяргея Лескеця.

Часта такія прапановы паступалі ад маладых куратараў і куратарак, менеджараў і менеджарак, мастачак і мастакоў, – тых людзей, якія толькі пачынаюць сваю кар’еру, – кажа фатограф. – Яны звязваюцца з табой і хочуць хуценька дамовіцца на бясплатнае выкарыстанне прац. Прычым часта інфармацыю як, у якім кантэксце будзе выкарыстана твая праца – мала хто лічыць важным паведаміць, – дзеліцца досведам Сяргей.

У выпадку з украінска-польскай пастаноўкай беларускага творцу моцна здзівіла тое, што, уласна, вядомы польскі тэатр дапусціў такі недагляд.

Падобная адсутнасць этыкі звычайна назіраецца ў людзей з постсавецкай прасторы, – выказаў сваю думку фатограф.

Сяргей Лескець прызнаўся, што яму быў бы цікавы досвед удзелу ў міжнародным праекце.

І такім як гэты спектакль, – дадае ён. – Толькі я быў хацеў ведаць, у якім кантэксце з’явіцца мая праца, хацеў бы, каб са мной звязаліся загадзя…. А так – усялякая матывацыя адпадае. І тым больш вымалёўваецца сітуацыя, што калі б Лена і іншыя беларусы не трапілі б на спектакль і не пазналі б фатаграфію, усё працягвалася б, як і належна.

Беларуская талака

Як высветлілася, акрамя лістоў у адміністрацыю тэатра ад Лены Канцэвіч, гэтаксама уTR Warszawa звярнулая “па тым жа пытанні” беларуская тэатральная менеджарка Марына Дашук.

Я супрацоўнічаю з польскімі тэатрамі ўжо даўно і ведаю, што ў іх пытанні захавання аўтарскага права адсочваюцца вельмі сур’ёзна, – падзялілася яна сваёй экспертызай. – У кожнага тэатра ёсць аддзел аўтарскіх правоў – у яго падаюцца спісы аўтараў, творы якіх выкарыстоўваюцца ў кожным спектаклі. Далей супрацоўнікі гэтага аддзела звязваюцца з мастакамі, рэжысёрамі, дызайнерамі, фатографамі і заключаюць з імі дамову. Тое, што імя Сяргея не было пазначана ў гэтым спісе – гэта відавочна. На маю думку, хтосьці не палічыў важным яго ўзгадаць, – кажа яна.

Беларусы ў адстойванні правоў свайго суайчынніка раптам выступілі таксама талакой.

І гэтыя захады далі свой плён.

"Шэпт" на экспарт. Польскі тэатр без дазволу выкарыстаў у пастаноўцы фатаграфію з праекта Сяргея Лескеця. Ці ўдалося пагасіць скандал?
Персанальная выстава “Шэпт” Сяргея Лескеця ў Нацыянальным цэнтр сучасных мастацваў у 2022 годзе. Фота: фейсбук НЦСМ.

Чым завяршылася гісторыя?

Тэатр TR Warszawa выйшаў на сувязь з беларускімі менеджаркамі і фатографам.

Адказы на лісты атрымала Лена Канцэвіч. У Марыны Дашук адбылася вялікая размова з прадстаўнікамі тэатра. Таксама тэатр звязаўся з Сяргеем Лескецем.

Так, са мной звязалася прадстаўніца тэатра і папрасіла прабачэння, – распавёў фатограф вынік гісторыі. – Яна прызналася, што для іх гэта вялікая рэпутацыйная страта. Мне прапанавалі дамову на выкарыстанне выявы, – дадае ён. – Спектакль дабрачынны – частка заробленых з яго грошай ідзе на дапамогу, таму я аддаў права тэатру вызначыць суму майго ганарару, сыходзячы з сітуацыі, – распавёў і пра свае крокі насустрач аўтар “Шэпту”.

Па словах Сяргея Лескеця, тэатру не было даведзена, што фатаграфія, якая задзейнічана ў set-афармленні, належыць беларускаму аўтару. Але чыя канкрэтна гэта віна – у фармуліроўцы не гучала.

Лена Канцэвіч падзялілася сваім развагамі па выніках рэакцыі тэатра.

Я радая, што канфлікт удалося вывесці ў прадуктыўнае рэчышча, – падсумоўвае яна. – Тут гучала думка, што падобнае стаўленне да працы Сяргея мае палітычную падаплёку. Маўляў, гэта беларусы, з імі можна не дамаўляцца. Але я не згодная – на маю думку, гэта сітуацыя – вынік ляноты і недапрацоўкі, адсутнасці культуры прававога поля. Давайце не забываць пра яе, і вучыцца гэтаму.

На пытанне, што падштурхнула яе ўвогуле праявіць прынцыповую пазіцыю, наша субяседніца адказвае.

Мяркую, што гэта часткова звязана з тым, што я – у індустрыі. І гэта важная праблема – павагі працы адно аднаго. З аднаго боку, гэта сітуацыя цягне на скандал. З іншага, ніхто з бакоў скандаліць не хоча. І я думаю, што самае найлепшае тут выйсце – вынесці з гэтага канфлікту ўрок.

***
На актуальны момант на сайце тэатра з’явілася пазнака пра аўтарства фатаграфіі Сяргея Лескеця. Але дамову аб супрацоўніцтве беларускі фатограф пакуль не атрымаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: