Сёння 217 год з дня нараджэння мастака і кампазітара Напалеона Орды

Культура
Напалеон Орда. Навагрудак. Фота: hvali.by

11 лютага 1807 года нарадзіўся Напалеон Орда – мастак і кампазітар, які пакінуў для нас каштоўную спадчыну: архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў i гарадоў былой Рэчы Паспалітай.


І цяпер, менавіта дзякуючы яго візуальным сведчанням, мы можам убачыць, як выглядала Беларусь у 70-я гады ХІХ стагоддзя.

Нарадзіўся будучы мастак у маёнтку Варацэвічы на Піншчыне, вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, удзельнічаў у паўстанні 1831 года.

Сёння 217 год з дня нараджэння мастака і кампазітара Напалеона Орды
Напалеон Орда. Мір. Фота: creazilla.com

Пасля паразы паўстання жыў у Парыжы, сябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам і пад яго кіраўніцтвам працягваў сваю музычную адукацыю.

Па парадзе Шапэна пачаў вучыцца маляванню ў студыі майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара. Падарожнічаў па Еўропе і маляваў пейзажы, галоўным чынам гарадскія віды.

Напалеон Орда змог вярнуцца на радзіму толькі напрыканцы жыцця, пасля амністыі.

Сёння 217 год з дня нараджэння мастака і кампазітара Напалеона Орды
Напалеон Орда. Варацэвічы. Фота: creazilla.com

У паўстанні 1863-1864 непасрэднага ўдзелу ён не браў (хоць амаль год адседзеў у турме па падазрэнні на незаконнае захоўванне зброі і папераў «абуральнага зместу»). Ён ездзіў па тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай – Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве – і замалёўваў замкі, руіны, маёнткі, сядзібы, віды гарадоў.

Прычым замалёўваў праграмна: ён ставіў сваёй мэтай сабраць у альбомы архітэктурныя краявіды, пры гэтым звяртаў асаблівую ўвагу на знакавыя месцы: сядзібы, дзе нарадзіліся героі-патрыёты, паўстанцы 1831 і 1864 гадоў ці дзеячы культуры.

У выніку мастак стварыў больш за тысячу акварэляў і графічных аркушаў.

Імем Напалеона Орды названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, мастацкая школа ў Пінску, праца мастака (выява Нясвіжскага замка Радзівілаў) увасоблена на беларускай банкноце ўзору 2000 года (100 000 рублёў).

У 1997 годзе ў горадзе Іванава (Брэсцкая вобласць, на скрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай) усталяваны помнік Напалеону Ордзе (скульптар Ігар Голубеў).

У вёсцы Варацэвічы (Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён) знаходзіцца музей-галерэя імя Напалеона Орды. У 2021 годзе быў адкрыты для наведвальнікаў сядзібны дом Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: