Фото: rawpixel, unsplash.com
in , , , , ,

Стрэляніна ў школах і па-за імі – трэба больш цэнзуры, кантролю і забаронаў? А можа наадварот?

У горадзе Керч студэнт коледжу на гэтым тыдні растраляў дзясяткі чалавек – 21 загінуў, яшчэ каля 40 былі параненыя. Раней аналагічныя падзеі ўжо адбываліся і ў краінах на постсавецкай прасторы, і ў іншых краінах – пераважна ў ЗША.

Кожны раз гэта выклікае з боку некаторых палітычна-ідэйных груповак заклікі «давайце ўсё яшчэ больш забаронім» – ад кампутарных гульняў да вольнага продажу зброі цывільным людзям. Ці ёсць у гэтым сэнс?

А можа наадварот? Трэба даць людзям больш свабоды? У тым ліку пашырыць доступ да зброі для самаабароны?

Чаму трагедыя ў Керчы датычыцца нас?

Падзея ў Керчы – не першае такое забойства на тэрыторыях, падкантрольных Крамлю. У 2014 годзе ў маскоўскай школе №263 дзесяцікласнік застрэліў настаўніка і захапіў у закладнікі сваіх аднакласнікаў, а потым адкрыў агонь па паліцэйскім, аднаго з каторых забіў, а іншага цяжка параніў. У 2009 годзе расейскі маёр тады яшчэ міліцыі Дзяніс Еўсюкоў забіў 2 чалавек і 7 параніў, калі пачаў страляць (пры форме і з табельнага пісталета!!!) па выпадковых людзях у Маскве – па таксісце, па супрацоўніках і пакупніках у супермаркеце.

Еўсюкоў перазараджае пісталет. Кадр камеры відэаназірання wikipedia.org

Керч – горад у Крыме, які афіцыйна належыць Украіне (і Беларусь гэта прызнае), аднак вясной 2014 году, як і ўся паўвыспа, быў захоплены расейскімі войскамі і анексаваны Расеяй. Пры гэтым, нагадаем, Беларусь і Расея – краіны-суседзі, паміж якімі мяжы фактычна няма.

Расейскія жаўнеры без знакаў адрознення ў Крыме 28 лютага 2014 года. wikipedia.org

Вы можаце праехаць на аўтамабілі – і на мяжы ў вас могуць нават пашпарт не спытаць, не кажучы ўжо пра дагляд таго, вязеце вы зброю і выбухоўку ці не. Людзі, якія вечарам сядаюць у цягнік у Маскве, прачынаюцца зранку ў Менску – у іх правяраюць квіткі і пашпарты, але правезці ў багажы вы не зможаце хіба што толькі танкі і гарматы. Усё астатняе – ад пісталета да кулямёта і гранатамёта – элементарна можна даставіць з Расеі ў Беларусь, часам нават не разбіраючы на часткі. Ніхто багаж не правярае.

Такім чынам зусім не выключана, што рана ці позна нейкі госць з усходу паспрабуе расстраляць некалькі дзясяткаў чалавек на вуліцах Віцебска, Гомеля, Гродна ці Менска.

Уладзіслаў Казакевіч на лаве падсудных. Крыніца wikipedia.org

Зрэшты штосьці падобнае адбылося ў Менску з удзелам нашага суайчынніка. 17-ці гадовы студэнт Уладзіслаў Казакевіч у 2016 годзе прыйшоў з сякерай і бензапілой у менскі гандлёвы цэнтр «Еўропа», дзе забіў аднаго чалавека і параніў дваіх.

Чаму здараюцца такія масавыя забойствы?

Што ў ЗША, якія найбольш вядомыя такімі здарэннямі, што ў Расеі ці іншых краінах (аналагічныя трагедыі, напрыклад, адбываліся ў Фінляндыі і Канадзе, Азербайджане, Нямеччыне), практычна немагчыма вызначыць агульныя рысы злачынцаў – яны маглі паходзіць і з поўных заможных сем’яў, і з праблемных, маглі быць папулярнымі ў класе, а маглі быць наадварот, маглі мець заўважныя псіхалагічныя праблемы, а маглі і не мець іх.

Бойня ў школе Калумбайн у ЗША – самы вядомы выпадак забойства падлеткамі сваіх настаўнікаў і аднакласнікаў.

Аналіз Міністэрства адукацыі ЗША і Сакрэтнай службы ЗША адносна стральбы ў школах, якое было праведзена ў 2002 годзе, паказала, што немагчыма вызначыць канкрэтны тып людзей, які мае схільнасць да такіх злачынстваў – патэнцыйнага забойцу практычна нерэальна «вылічыць».

Выглядае на тое, што вялікая частка гэтых людзі проста згубілі адчуванне вартасці свайго і чужога жыцця, іх не навучылі годна несці адказнасць за свае ўчынкі, аналізаваць і ацэньваць свае дзеянні, яны былі прывучаныя бачыць крыніцу сваіх асабістых праблем у кім заўгодна, толькі не ў сабе.

Агулам, думаю, гэта называецца словам ІНФАНТЫЛЬНАСЦЬ.

Што рабіць?

Трэба прызнаць, пачынаючы як мінімум з 1980-х гадоў мы жывем у свеце, дзе ўсё больш увагі надаем падзеям у ЗША – проста таму што гэта самая ўплывовая краіна ў свеце. Ад зменаў у палітыцы, эканоміцы і культуры ў ЗША ў значнай ступені залежыць сітуацыя па ўсёй Зямлі, у тым ліку і ў Еўропе.

Адпаведна, часам дыскусіі пра масавую стрэляніну ў той ці іншай амерыканскай школе ў беларускім інтэрнэце і СМІ малпуюць адпаведныя амерыканскія выступы з боку левых (пераважна гэта Дэмакратычная партыя з лозунгам «ва ўсім вінаваты вольны продаж зброі!») і правых (пераважна гэта рэспубліканцы і лібертарыянцы з лозунгам «не стрэльба забівае чалавека, а чалавек чалавека»). Шчыра скажу, філасофія апошніх аўтару ў большасці выпадкаў падаецца пераканаўчай.

Я цалкам згодны з плакатам МУС Беларусі – незаконную зброю трымаць не варта.

Аднак у нас зусім не ЗША з даволі свабодным рынкам зброі ў значнай частцы штатаў. ШТО яшчэ можна забараніць у Беларусі насельніцтву ў плане зброі? Кухонныя нажы, малаткі? У нас і так заканадаўства ў гэтай сферы слаба мянялася з часоў расейскай і савецкай акупацый.

Нашая ўлада лічыць сябе нашчадкам камуністаў і чэкістаў, адпаведна і жыхары Беларусі пакуль пазбаўленыя вольнага валодання зброяй – гэта наступства 200-гадовай акупацыі, карных акцый, канфіскацый і вобшукаў, якія пачаліся са здушэння паўстання Касцюшкі, а закончыліся дзеяннямі савецкіх карных органаў.

Канавалаў і Кавалёў, калі верыць афіцыйным дадзеным, выраблялі бомбы з абсалютна легальных хімічных рэчываў, якія і не забаронішь асабліва. Казакевіч выкарыстоўваў сякеру і бензапілу. Забаронім сякеры і бензапілы?

Нават калі вы маеце дома цэлы арсенал, вы павінны захоўваць яе, па беларускіх законах, у зачыненым сейфе. Вельмі «карысна» для самаабароны!

Такім чынам амерыканскія спрэчкі – не для нас. У нас няма куды ўжо «закручваць гайкі» у сферы зброі.

Я не буду казаць, як часам заяўляюць прыхільнікі вольнага гандлю стралковай зброяй, што «чым болей зброі ў людзей, тым менш забойстваў і злачыннасці». Адзінае, што мы ДАКЛАДНА можам сказаць, што няма ніякай відавочнай карэляцыі паміж колькасцю цяжкіх злачынстваў і колькасцю легальнай зброі на руках насельніцтва. Занадта шмат фактараў, якія варта таксама ўлічваць – культурных, эканамічных, сацыяльных.

Змагайся, перамагай!

Аднак ёсць адна рэч, якая сапраўды змяншае колькасць ахвяраў пры падобных спробах масавага забойства людзей – прычым як пры тэрарыстычных актах, гэтак і падчас нематываванай масавай стрэляніны кшталту керчанскай. Гэта – супраціў людзей, якіх злачынец лічыў толькі быдлам, якое ён прызначыў да бойні.

Чаму той жа Казакевіч паспеў забіць толькі аднаго чалавека і параніць дваіх? (Я разумею, як слова «толькі» гучыць для сваякоў і сяброў загінулай жанчыны, але тым ня менш.)

«Калі нападнік рухаўся па калідорах цэнтра, яго ўвесь час пераследвалі ад 5 да 15 чалавек, якія намагаліся яго спыніць – кідалі ў яго сметніцы, стулы», – казаў намеснік старшыні Следчага камітэта Беларусі Аляксей Волкаў.

Аналагічныя выпадкі былі і ў ЗША, калі ўзброены агняпальнай зброяй злачынец спрабаваў арганізаваць бойню і сустракаў супраціў, які мінімізаваў гібель людзей. Гэтак, у 2007 годзе злачынец пачаў страляць па выпадковых людзях на паркоўцы хрысціянскай царквы ў Каларада Спрынгс, а потым зайшоў у будынак царквы, у якой было больш за 100 чалавек. На ягоным шляху стала Жана Эсэм, якая адкрыла агонь па злачынцы з уласнага пісталета, і такім чынам спыніла яго. У канцы перастрэлкі злачынца, які ўжо не мог працягваць забіваць, сам сябе застрэліў.

Кадр з камеры відэаназірання.

У жніўні гэтага года агонь на дзіцячым фэсце ў Фларыдзе адкрыў іншы злачынец, аднак быў спынены стрэлам грамадзяніна, які таксама меў зброю.

Канешне, у гэтых выпадках законапаслухмяныя грамадзяне не маглі б абараніць сябе і бліжніх кіданнем сметніц у ўзброеных злачынцаў. Ім спатрэбілася агняпальная зброя.

Згодна з апытаннем, якое было праведзена рэсурсам PoliceOne сярод амерыканскіх паліцэйскіх, 86% з іх лічаць, што масавыя забойствы не адбываюцца там, дзе знаходзяцца звычайныя грамадзяне з легальнай зброяй. Узброены супраціў дазваляе звесці да мінімуму ці зусім пазбегнуць чалавечых ахвяр у такіх выпадках.

Права вольнага чалавека

Забіваць масы людзей, як паказвае, напрыклад, мусульманскі тэрарыстычны акт у Ніцы, можна ўвогуле без зброі – калі табе ніхто не супрацьстаіць, то можна сесці ў важкавік і забіць 90 чалавек. Ніхто ж з гэтай нагоды не забараняе аўтамабілі? А спыніць цяжкі аўтамабіль без зброі ці спецыяльных прыстасаванняў амаль немагчыма.

Зрэшты, пытанне валодання стралковай зброяй (самазараднымі вінтоўкамі і пісталетамі, напрыклад) пытанне не толькі самаабароны, але і годнасці чалавека і грамадзяніна. Пытанне адносін і даверу паміж чалавекам і дзяржавай.

Малады ізраільцянін са штурмавой вінтоўкай на кірмашы. Фота Gali Tibbon/AFP/Getty Images

Тысячам маладых беларусаў дзяржава выдае «Калашнікавы», танкі, кулямёты і артылерыйскія гарматы кожны год, вучыць іх страляць. Аднак адбірае гэтую зброю і перастае давяраць гэтым самым людзям, як толькі яны пакідаюць падкантрольную дзяржаве тэрыторыю казармы. І тое, вельмі ўмоўна падкантрольную, калі ўлічыць забойствы і давядзенні да забойстваў, суды па каторых прайшлі і ідуць зараз.

Рана ці позна ісламскі ці нейкі іншы тэрарыст ці небяспечны сацыяпат у Беларусі падыме не сякеру ці бензапілу, а стралковую зброю супраць мяне, вас і сотняў нашых суграмадзян. І міліцыянер альбо будзе забіты першым, альбо будзе адсутнічаць на месцы злачынства.

Швейцарскі падлетак вучыцца страляць з баявой вінтоўкі. Дзяцей у гэтай краіне вучаць страляць з 12 год. Фота Reddit

Беларуская армія можа быць разбітая ў баі, а Беларусь акупаваная. Кім ці чым будзе супраціўляцца акупанту звычайны беларус?

Можа быць варта даць нам магчымасць абараняцца? Хіба чыноўнікі ад МУС нас лічаць людзьмі ніжэйшага гатунку, чым амерыканцы, эстонцы і малдаване, у якіх таксама кожны здаровы чалавек можа без асаблівых праблем набыць наразную стралковую зброю?

Колькі можна лічыць беларуса і беларуску паднявольнымі людзьмі, якім можна даверыць абараняцца толькі сметніцамі і стуламі?

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Вам это интересно?

5 голосов
Upvote Downvote

Total votes: 7

Upvotes: 6

Upvotes percentage: 85.714286%

Downvotes: 1

Downvotes percentage: 14.285714%

Добавить комментарий

Загрузка…

Оставьте комментарий

комментариев

Президент высказался против попыток слома системы образования

Беларусь частично отменила запрет на ввоз комбикормов из России