Стыльная казка пра «эпоху Горбі»: сёння ў Берліне адбудзецца паказ стужкі «Лета 1989» беларускага кінарэжысёра і пісьменніка Уладзіміра Казлова

Культура
Кадр з фільма "Лета 1989". Фота: northernlightsff.com.

Адзін з найбольш цікавых фільмаў мінулага года — «Лета 1989» — сёння будзе паказаны ў Берліне ў межах беларуска-нямецкага культурніцкага праекта «Падзелены Берлін. Падзеленая Беларусь». Гледачам прапануецца паглядзець карціну Уладзіміра Казлова і далучыцца да дыскусіі пра падзеленыя грамадствы як у мінулым, так і ў актуальны час.

Дзеянне ў стужцы Уладзіміра Казлова — беларускага рэжысёра і пісьменніка з Магілёва — адбываецца за некалькі месяцаў да падзення Берлінскай сцяны і за два гады да развалу Савецкага Саюза. Выпускнікі адной са звычайных савецкіх школ у Беларусі ідуць у летні паход. Маладыя людзі і дзяўчаты, атрымоўваючы асалоду ад купання і наладжваючы асабістае жыццё, абмяркоўваюць у размовах на прыродзе школу, настаўнікаў, уступныя экзамены ў ВНУ, а гэтаксама і сваю будучыню, якая кожнаму з іх бачыцца па-рознаму.

«Нягледзячы на тое, што дзеянне [ў фільме] адбываецца 30 гадоў таму, яно выклікае актуальныя пытанні аб нашай цяперашняй рэчаіснасці, — звяртаюць увагу на сучаснасць карціны арганізатары паказу. — Гэтыя падлеткі, равеснікі лідараў пратэстаў 2020 года ў Беларусі, такіх як Віктар Бабарыка, і тых, хто затрымлівае і жорстка абыходзіцца з пратэстоўцамі, як Мікалай Карпянкоў, разважаюць пра будучыню, якую мы ўжо ведаем, а яны — не».

«Пасля прагляду мы запрашаем вас далучыцца да адкрытай дыскусіі на тэму «Падзелены Берлін. Падзеленая Беларусь», дзе ўдзельнікі змогуць падзяліцца сваімі меркаваннямі і ўступіць у змястоўны дыялог, — запрашаюць гледачоў да ўдзелу ў праекце арганізатары. — Гэта падзея дае выдатную магчымасць паглыбіцца ў грамадскія падзелы, якія ўплываюць на наша мінулае, сучаснасць і будучыню».

Фільм «Лета 1989» можна назваць мінімалістычнай, стыльнай казкай пра «эпоху Горбі», у якой персанажы, якія ў будучыні стануць тымі, кім яны стануць, яшчэ толькі пачынаюць свой шлях. Умоўныя карнікі, рэфарматары, менеджары, філосафкі яшчэ толькі ўяўляюць, што будзе далей у іх жыцці і жыцці краіны — і будучыня абяцае невядомасць і вялікі спадзеў. У фільме Уладзіміра Казлова маладосць герояў супадае з досвіткам сацыяльна-грамадскіх пераменаў, — на жаль, у Беларусі яны праз некалькі гадоў скончацца — а праз 30 гадоў прывядуць да той кропкі, дзе мы цяпер.

Уладзімір Казлоў — рэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік, аўтар кніг “Гопнікі”, “Плацкарт”, “СССР: Дзённік пацана з ускраіны”, “КГБ-РОК” ды іншых твораў. У фільмаграфіі беларускага кінематаграфіста восем стужак («Тры таварышы», «Як мы захочам», «Аномія», «Сляды на снезе» ды іншых), і “Лета 1989”, створанае ў 2022 годзе, – бадай, самая лепшая з ягоных карцін.

Паказ стужкі і дыскусія пра падзеленыя грамадствы адбудуцца ў Haus der Statistik, Block Otto (Otto-Braun-Str. 70-72 (S-/U-Alexanderplatz) сёння а 18.00.

Праект рэалізавана пры фінансавай падтрымцы Senatsverwaltung für Kultur und Gesellschaftlichen Zusammenhalt.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: