Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” аб’явіў даты новай эдыцыі – сёлета вядомы незалежны беларускі кінафэст адбудзецца з 13 па 26 лістапада. Як і ў мінулы раз, форум скандынаўскага, балтыйскага і беларускага кіно пройдзе ў гібрыдным фармаце: анлайн фільмы “Паўночнага ззяння” можна будзе глядзець на сайце фестывалю; афлайн – у кінатэатрах некалькіх краін свету.
“Ззянне” працуе над стварэннем бяспечнай і даступнай прасторы ў online і offline ў Таліне, Вільні і Стакгольме і зноў рыхтуе для сваіх гледачоў яскравую кінапраграму”, – адзначае каманда фэсту на чале з прадзюсаркай, кінематаграфісткай і адной з заснавальніц Беларускай незалежнай кінаакадэміі Воляй Чайкоўскай.
Толькі некалькі дзён таму фестываль назваў імя новага праграмнага дырэктара Беларускага конкурсу – адной з двух галоўных праграм агляду: кінааналітык і экс-праграмны дырэктар кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў стаў часткай каманды “Паўночнага ззяння”.
“Мы будзем фармаваць і дэманстраваць нацыянальную праграму фільмаў, якія будуць умацоўваць дух праўды, творчай свабоды і неўтаймоўнай волі сцвярджаць боль і шчасце быць беларусам”, – так апісаў канцэптуальнае бачанне Беларускага конкурсу сябра Еўрапейскай кінаакадэміі і прэзідэнт беларускай секцыі Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (FIPRESCI).
Гэтаксама Міжнародная праграма “Ззяння” па-ранейшаму будзе ўключаць у сябе незвычайныя і запамінальныя стужкі ігравога і дакументальнага кіно Скандынавіі і Балтыі. Нагадаем, што ў падборцы фільмаў форуму знаходзілася месца для кіно розных жанраў і настрояў, эксперыментальных карцін, аўтарскіх, вострасацыяльных, – чакаем такога ж узроўню ад дзявятай эдыцыі фэсту.
Заўважым, што фестываль, які ў мінулым годзе падтрымаў Украіну адмысловай праграмай фільмаў “Ukraine mon amour”, мае патрэбу ў дапамозе.
“На працягу некалькіх гадоў кінафэст “Паўночнае ззянне” існуе “насуперак” [цэнзуры і ціску], – канстатуюць яго арганізатары. (У пазамінулым годзе “адмысловую” перадачу прысвяціў фестывалю Рыгор Азаронак – заўв. Reform.by). – Каб у лістападзе вы зноў змаглі адкрыць для сябе новыя фільмы, паслухаць займальныя дыскусіі пра кіно і жыццё — падтрымайце дзейнасць фэсту данатам”, – звяртаецца да гледачоў і глядачак каманда форуму.
Нагадаем, што летась анлайн глядзелі стужкі “Паўночнага ззяння” больш за 2 тысячы чалавек.
Сачыць за навінамі незалежнага беларускага форуму можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: