Традыцыі народнага тэатра «Мірская батлейка» нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Культура
Лялькі народнага тэатра "Мірская батлейка". Фота: facebook.com/livingheritage.belarus.

Учора, 29 снежня, на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры было прынята рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі народнага тэатра «Мірская батлейка» (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці).

Прапанову аб уключэнні элемента ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прадставіў на пасяджэнні кіраўнік народнага тэатра лялек «Мірская батлейка», намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага каледжа, даследчык, акцёр і рэжысёр тэатра Канстанцін Петрыман.

Адмысловец ужо больш за дзесяць гадоў займаецца аднаўленнем і захаваннем традыцый батлейкі, падкрэслівае праект «Жывая спадчына Беларусі». Традыцыі мірскай батлейкі нідзе не апісваліся, былі амаль забытыя, але дзякуючы працы рупліўца, а таксама выкладчыкам каледжа, былі адноўлены і вернуты ў практыку.

Традыцыі народнага тэатра "Мірская батлейка" нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Канстанцін Петрыман прэзентуе лялькі «Мірскай батлейкі». Фота: facebook.com/livingheritage.belarus.

На мірскіх землях існавалі некалькі батлеек — батлейшчыкаў Моніча і Барашкі, а таксама лялечны тэатр братоў Сілко, адзначае газета «Полымя». Адметнасцю апошняга было тое, што звычайна прадстаўленні тэатра даваліся ў вершах, у спектаклях была асаблівай пабудова лялечных роляў, а таксама браты Сілко маглі даваць батлейку не толькі на Каляды, а і ў іншыя дні — напрыклад, дні Піліпаўскага поста. Традыцыю гэтага тэатра акурат аднаўляе «Мірская батлейка».

Канстанціну Петрыману і яго калегам, вучням удалося рэканструяваць тры 20-хвілінныя прадстаўленні, якія адносяцца да пачатку ХХ стагоддзя. Гэта п’еса «Салдат і Чорт” па матывах Першай сусветнай вайны, прысвечаная жыхарам Міра. Давалася звычайна падчас Мікалаеўскага кірмаша, які праходзіў у пасёлку. Другая п’еса мае назву “Калядна” і аднаўляе малавядомы батлеечны калядны абрад, трэцяя п’еса «Дары» — таксама калядная.

У планах «Мірскай батлейкі» і вывучэнне традыцый батлейкі Моніча і Барашкі, якія таксама давалі прадстаўленні на Мірскай зямлі.

На пасяджэнні таксама было прынята рашэнне аб наданні статусу гіторыка-культурнай каштоўнасці яшчэ аднаму элементу.  Гэта — традыцыя вырабу гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя. Абаранялі элемент — традыцыйныя вобразы цацак-свістулек і тэхналогіі іх вырабу — вядомыя майстры глінянай цацкі Вячаслаў Якавенка і Любоў Яшчанка. Яны прэзентавалі свае вырабы разам з вучнямі і пераемнікамі з Крычаўскага раёна.

Традыцыі народнага тэатра "Мірская батлейка" нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Вучні майстроў глінянай цацкі Вячаслава Якавенкі і Любові Яшчанка. Фота:facebook.com/livingheritage.belarus.
Традыцыі народнага тэатра "Мірская батлейка" нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Гліняныя народныя цацкі-свістулькі Магілёўскага Падняпроўя. Фота: facebook.com/livingheritage.belarus.

Рашэнне аб уключэнні дадзеных элементаў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей будзе прынята ў найбліжэйшы час.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: