Учора на анлайн-платформе незалежнага беларускага кіно VODBLISK была выкладзена новая стужка – кінаэсэ “Межы” адной з самабытных рэжысёрак Беларусі – Юлі Шатун.
VODBLISK — анлайн-кінатэатр беларускага кіно, які стварыла каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» на чале з прадзюсаркай Воляй Чайкоўскай, каб гледачы мелі магчымасць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі.
“Межы” Юлі Шатун – кіно, створанае на мяжы дакументальнага кіно і відэа-арту. Задаючыся пытаннем “Дзе палягае мяжа горада?”, Юля Шатун спрабуе ў фільме выбудаваць асабістую сістэму каардынат у прасторы ды часе. Рэжысёрка парушае межы і ўспрымання кіно, пазбаўляючы гледача звыклых апораў – “жанр”, “від”, “сюжэт” – прапануючы ему досвед сумеснага мыслення і назірання. Калі знаходзіць пэўныя паралелі, то можна ўзгадаць карціну нямецкага дакументаліста Томаса Хайзе “Радзіма – гэта месца ў часе” – яна блізкая “Межам” па інтанацыі, але фільм беларускай аўтаркі мае прывязку да “персанальнай геаграфіі”.
Юля Шатун даследуе абліччы і межы тых гарадоў, дзе яна нарадзілася, вырасла, вучылася, жыла – Гусеў, Мазыр, Мінск, Масква, але пры гэтым кіно станавіцца сродкам адчужэння свайго – тым інструментам, які дазваляе ўбачыць у асабістым – універсальнае. У які момант кіно пра цябе становіцца фільмам пра кожнага? Ці пра горад? Ці пра час? “Межы” – гэта падарожжа углыб з апорай на наш візуальны “габітус”. Кіно як сродак “зазямлення” ў часе.
Юлія Шатун скончыла БДУКіМ па спецыяльнасці “культуралогія”, навучалася ў Беларускім Калегіуме у майстэрні філосафа Валянціна Акудовіча. Яе дэбютная поўнаметражная карціна “Заўтра” стала сенсацыяй у 2018 годзе, трапіўшы ў міжнародны конкурс колішняга фестывалю “Лістапад”, узяўшы ўзнагароды на міжнародным кінафоруме ў Марселі. У 2020 годзе разам з Мікітам Аляксандравым Юля Шатун зрабіла фільм “Апошні дзень гэтага лета”. “Межы” – персанальны праект рэжысёркі, створаны за асабістыя сродкі ў 2019 годзе. Карціна стала пераможцай нацыянальнага конкурсу фестывалю “Нефільтраванае кіно” ў Мінску ў 2021 годзе.
Нагадаем, анлайн-кінатэатр VODBLISK з’яўляецца платформай для прагляду незалежнага беларускага кіно – пляцоўка адкрылася сёлета на базе сайта фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне”. Каб паглядзець фільм, трэба зарэгістравацца на vodblisk.northernlightsff.com, выбраць упадабаную карціну ды купіць да яе доступ за 5$. Стужка будзе даступная на працягу 30 дзён з моманту першага прагляду. Варта падкрэсліць, што для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, VODBLISK у 2023 годзе бясплатны.
На сёння ў зале VODBLISK – дзве карціны: вышэйзгаданы фільм-кінаэсэ “Межы” Юлі Шатун і дэбютная поўнаметражная дакументальная стужка аднога з нядаўніх пераможцаў Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно CPH:DOX у Даніі – Аляксандра Міхалковіча – “Мая бабуля з Марсу”. Гэты фільм распавядае пра змены ў жыцці бабулі рэжысёра, якая жыве ў Крыму. Пасля 2014 года да яе ўсё складаней дабрацца сваякам, ды “атачэнне” бабулі зусім не спрыяе веры ў будучыню. Пяшчотнае кіно на цяжкую і надзённую тэму.
Глядзець фільмы ў VODBLISK можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: