У Беластоку пасля кансервацыі прэзентавалі Берасцейскую Біблію

Культура
Прэзентацыя Берасцейскай Бібліі. Фота: Muzeum Podlaskie w Białymstoku

У гарадской Ратушы Беластока прадставілі пасля кансервацыі Берасцейскую Біблію і Яўрэйскую Біблію Хутэра са збораў Бібліятэкі Падляшскага музея – паведамляе радыё «Рацыя».

Адноўленыя Бібліі — вельмі каштоўныя і рэдкія старадаўнія выданні. Абедзве былі выдадзеныя ў XVI стагоддзі.

Берасцейская Біблія — самае буйное па аб’ёме друкаванае выданне Вялікага Княства Літоўскага XVI–XVIII стст. — было надрукавана 4 верасня 1563 г. у Брэсце (адсюль і назва) накладам 500 асобнікаў. Часам Біблію таксама называюць “Радзівілаўскай”, бо яна была выдадзена на сродкі аднаго з кiраўнiкоў кальвiнiстаў у ВКЛ – Мiкалая Радзiвiла Чорнага.

Выданне ўяўляе сабой пераклад поўнага тэксту Свяшчэннага Пісання са старажытнаяўрэйскай, грэчаскай і лацінскай моў на польскую літаратурную мову XVI ст. Над перакладам працавалі спецыяльна запрошаныя кальвінісцкія тэолагі і літаратары.

Большая частка яе накладу, фінансаванага пратэстантам Мікалаем Радзівілам Чорным, была выкупленая яго звернутым у каталіцызм сынам — Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам — і спаленая на Віленскім рынку.

У Беластоку пасля кансервацыі прэзентавалі Берасцейскую Біблію
Берасцейская Біблія. Фота: Muzeum Podlaskie w Białymstoku.

Выданне прадставіў супрацоўнік Бібліятэкі музея Кшыштаф Купінскі: «Біблія моцна звязаная з нашым рэгіёнам Еўропы, выдадзеная ў Берасці, падрыхтаваная ў Пінску. З таго, што ведаю, у Беларусі таксама ёсць экзэмпляры Берасцейскай Бібліі. Выключнасць Берасцейскай Бібліі ў тым, што ўпершыню менавіта пры яе перакладзе выконваўся метад не слова ў слова, а перадаваўся агульны сэнс напісанага».

Копія гэтай Бібліі, якая належыць музею, была ў кепскім стане; блок кнігі быў пашкоджаны, старонкі адсутнічалі, пераплёт быў развалены. Усё гэта было адноўлена.

У свеце вядома больш за 130 асобнікаў (пераважная большасць з іх дэфектныя). У Беларусі арыгінальныя выданні Берасцейскай Бібліі захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Брэсцкай абласной бібліятэцы і Музеі гісторыі горада Брэста.

Яўрэйская Біблія Эліяса Хатэра, так званая Біблія Хатэра 1587 года, была ў крыху лепшым стане. Як паведамляе музей, унікальнасць гэтай Бібліі пацвярджаецца выкарыстаннем розных тыпаў друкарскіх шрыфтоў, з дапамогай якіх Хатэр хацеў палегчыць сваім вучням засваенне іўрыту.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: