Учора, 4 красавіка, у мінскім Палацы мастацтва адкрылася вялікая выстава беларускай і сустветнай кніжнай і станковай графікі. Пра тым, што экспазіцыю называюць найлепшай за гэты год – чаго вартыя такія імёны як Шагал, Пікаса, Напалеон Орда – беларуская частка праекта істотна пацярпела ад цэнзуры.
Праект складаецца з дзвюх экспазіцый: на першым паверсе Палаца мастацтва прадстаўлены творы беларускіх графікаў. На другім – працы сусветных мастакоў.

Што сказаць – другая частка выставы, якую арганізатары пазначылі назвай “Terra graphica”, уражвае геаграфіяй і прадстаўнічасцю сусветных імёнаў мастацтва. Марк Шагал, Сальвадор Далі, Восіп Цадкін, Пабла Пікаса, Лембіт Лыхмус, Ганна Главацка, Эльжбета Рудзікоўска, Напалеон Орда, Іаган Эліас Рыдзіргер, Вільям Хогарт, Шыгеа Рыша…
У экспазіцыі дэманструюцца арыгіналы графічных працаў выбітных мастакоў не толькі Еўропы – усяго свету. Гэтыя творы – са збораў беларускіх калекцыянераў, якія яны пагадзілася на час прадаставіць для публічнага прагляду. Гэтаксама ў экспазіцыі прысутнічае і графіка выбітных беларускіх мастакоў – Анатоля Тычыны, Георгія Паплаўскага ды іншых творцаў з фондаў Беларускага саюза мастакоў.





У першай частцы, нагадаем, экспануецца беларуская графіка, і тут адразу “ўзнікаюць пытанні”. Бо ў цэлым на выставе можна знайсці творы не болей за дваццаці аўтараў – а для беларускай графікі, вядомай як моцнай школай, так і новымі аўтарамі, гэта відавочна замала. У экспазіцыі можна сустрэць працы такіх выбітных майстроў і класікаў, як Валерый Славук, Мікалай Селяшчук, Сямён Герус, але, напрыклад, на выставе нельга знайсці графіку многіх і многіх іншых мастакоў.



Як паведамілі Reform.by некалькі крыніцаў, выстава кніжнай і станковай графікі паўстала на месцы традыцыйнага праекта БСМ “Графіка года”. Праект трансфармаваўся з-за цэнзуры ў дачыненні да мастакоў. Можна сказаць, што на выставе ў поўнай меры быў адпрацаваны новы механізм кантролю за зместам і ўдзельнікамі выставачных праектаў, які пачаў дзейнічаць з пачатку гэтага года.
Як паведамілі крыніцы, толькі на папярэднім этапе падрыхтоўкі выставы цэнзуру не прайшлі дзясяткі – амаль пад 50 – беларускіх мастакоў. Ды нават напярэдадні адкрыцця праекта, які арганізатары былі вымушаны “перафарматаваць”, з экспазіцыі знялі яшчэ працы іншых аўтараў – тут дакладную колькасць не ўдалося высветліць. Агулам можна казаць, што “Графіка” з-за цэнзуры не далічылася твораў больш за паўсотні графікаў, – і гэта ўмовы, у якіх сёння вымушаны працаваць творчыя дзеячы.
“Добра тое, што гэта выстава ўвогуле адкрылася”, – сумна жартуюць мастакі і раяць наведаць тыя часткі праекта, якія ўдалося ажыццявіць. “Магчыма, заўтра яшчэ што-небудзь каму-небудзь не спадабаецца, – хто яго ведае?”, – кажуць яны, канстатуючы, што сёння акрамя цэнзуры Міністэрства культуры актыўна дзейнічаюць і іншыя “представители неравнодушной общественности” – праўладныя блогеры.

Выстава “Графіка” будзе працаваць да 23 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: