У Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільні адкрыецца вялікая выстава пра салідарнасць і інфраструктуры. Яе куратары — беларусы

Культура
Нацыянальная галерэя мастацтва ў Вільні. Фота: whichmuseum.com.

У Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільні 31 сакавіка адкрываецца выстава «Калі гэта парушыць, яно становіцца адчувальным. Інфраструктуры і салідарнасці па-за межамі постсавецкай прасторы» (If Disrupted, It Becomes Tangible. Infrastructures and Solidarities beyond the post-Soviet Condition). Куратары вялікага выставачнага праекта, у фокусе якога ўладныя інфраструктуры, інфармацыйныя тэхналогіі і кібервайна, беларускія даследчыкі Антаніна Сцебур і Аляксей Барысёнак.

Канцэпцыя выставы палягае ў тым, каб звярнуць увагу на інфраструктуры (матэрыяльныя і нематэрыяльныя), што дасталіся постсавецкім краінам у спадчыну ад Савецкага Саюза, і прасачыць, якім чынам сёння дзейнічаюць гэтыя сеткі ў палітычным кантэксце.

«Постсавецкая інфраструктура была пабудавана на руінах ваенна-прамысловых комплексаў і ўкаранілася ў складаныя матэрыяльныя і нематэрыяльныя адносіны каланіялізму, аўтсорсінгу, рэсурсаў і знешніх фактараў, — уводзяць у тэму даследчыкі. — Такія інфраструктурныя сеткі, як чыгунка, газаправоды, оптавалакно, тэлеграм-каналы, сістэмы відэаманіторынгу і гэтак далей, застаюцца нематэрыяльнымі ў паўсядзённым функцыянаванні. У той час як збой, адключэнне, перапыненне выкрываюць працу ўсёй інфраструктуры і яе ўзаемасувязь».

То-бок, простымі словамі, куратары спрабуюць прасачыць якім чынам сучасныя лічбавыя тэхналогіі, а гэтаксама (не)матэрыяльныя інфраструктуры ўплываюць на рэальнае жыццё, і якім чынам грамадства можа фіксаваць выкарыстанне гэтых рэсурсаў і выбудоўваць свае сувязі з іх дапамогай.

У Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільні адкрыецца вялікая выстава пра салідарнасць і інфраструктуры. Яе куратары - беларусы
Афіша выставы. Фота: ndg.lt.

У прыватнасці, узаемасувязь нематэрыяльных і матэрыяльных сетак і іх злачыннае ў дадзеным выпадку выкарыстанне мы можам разглядзець на такім жудасным «прыкладзе» як расійскае ўварванне ва Украіну — калі цалкам дарэчы казаць пра такі панятак як «кібервайна».

«Злучаючы лічбавыя тэхналогіі і кінэтычнае выкарыстанне зброі, кібервайна становіцца адным з найважнейшых паняццяў, якое ўключае складанасці і інфраструктуры сучаснага імперыялізму і вайны, — тлумачаць ідэю куратары. — Імперыялістычная канфігурацыя вайны з яе матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, захопам ядзерных станцый, кібервайной і тэхналогіямі штучнага інтэлекту павінна разглядацца з дэкаланіяльнай перспектывы і ўсталёўваць новыя канфігурацыі як працэс «выхаду» з постсавецкай сітуацыі», — лічаць Антаніна Сцебур і Аляксей Барысёнак.

«Асноўная канцэпцыя выставы выцякае з паняцця «зрыў», які разглядаецца як метад супраціву інфраструктурнай канфігурацыі ўлады і ў той жа час разумеецца як жэст салідарнасці», — адзначаюць даследчыкі, прыводзячы ў якасці прыкладаў падобных «зрываў» палітычныя пратэсты ў Беларусі, Украіне, Казахстане, Кыргызстане, Грузіі, Арменіі і іншых краінах.

І на выставе ідэя «зрыву» знаходзіць сваё ўвасабленне ў архітэктуры — разрыўная металічная канструкцыя праходзіць праз усю экспазіцыю, агаляючы, з аднаго боку, прабелы ў інфраструктуры, з другога боку, звязваючы творы мастацтва і кантэксты.

У выставе задзейнічаны працы мастакоў: Тэклы Асланішвілі і Георгі Гага Гагашыдзэ, Марыям Медэт, Яўгеніі Беларусец, арт-групы eeefff, Ганны Энгельхардт, арт-групы fantastic little splash, Уладзіміра Грамовіча, The Museum of Stones editorial collective, Аляксея Радынскага, Аліцыі Рагальскай, Сабіны Шнэ, Nomeda & Gediminas Urbonas, XYANA.

Архітэктар выставы — Габрыэле Чарняўская. Графічны дызайнер — Валянцін Дудук.

Выставачны праект «Калі гэта парушыць, яно становіцца адчувальным. Інфраструктуры і салідарнасці па-за межамі постсавецкай прасторы», нагадаем, пачне сваю працу 31 сакавіка і прадоўжыцца да 18 чэрвеня.

Падрабязнасці тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: