«Смеццевая галава» – кароткаметражны фільм беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі – антыўтапічная фантасмагорыя з фірмовым чорным гумарам – учора з’явілася на Ютуб-канале кінематаграфіста.
Юрый Сямашка вядомы беларускай публіцы па іранічных і нешараговых ігравых і анімацыйных стужках – «Невольник жести», «Как я был Генерал», «Больно не будет», «Ультракороткие истории». У пэўным сэнсе яго можна назваць «беларускім Дэвідам Лінчам» – у аўтара ёсць здольнасць у сваіх карцінах «прабіваць сцяну» ў іншую рэальнасць. Не хацелася б падобных параўнанняў, але гэта важная мастацкая сіла – ствараць літаральна з нічога іншае вымярэнне.
У прыватнасці, у «Смеццевай галаве» глядач трапляе ў знойдзеную на сметніцы бутафорскую галаву. Незвычайны артэфакт падбірае сціплы зборшчык смецця – галава пачынае гаварыць і прапаноўвае хлопцу выканаць яго жаданні. Па выніку ўсё аказваецца не так проста – у фільме акрамя «рэальнай» прасторы ўзнікае яшчэ адна, якая і дадае гісторыі трохі жахлівых нотак. Пры гэтым для гледача ў стужцы прыпасена пару добрых жартаў і адкрытых сэнсаў.
Карціна мае фірмовы тэмп – адметная рыса для беларускага кіно. А гэтаксама можна казаць пра асаблівую дыстанцыю аўтара, якая вылучае яго працы.
Свой фільм Юрый Сямашка (у прынцыпе, як і іншыя стужкі) стварыў самастойна – ён з’яўляецца аўтарам сцэнарыя, рэжысёрам, акцёрам і майстрам бутафорскай галавы – то-бок у карціне ён дзейнічае і як аніматар. Але вылучым музыку Антона Каржанеўскага, якая завяршае стварэнне адметнай атмасферы.
«Смеццевая галава» ўжо была адзначана на некалькіх фестывалях – «Бульбамуві-2022», «Нефільтраванае кіно-2023», таксама яна ўдзельнічала ў конкурсе найстарэйшага Міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно ў Аберхаўзене. Бадай, гэта самая цэльная праца рэжысёра.
Глядзець кіно цікаўнага аўтара можна тут.
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: