«Упершыню беларуская культура ўвайшла ў лік прыярытэтаў еўрапейскіх праграм»: у Вільні распавялі пра праект «ArtPower Belarus» у 2 млн еўра

Культура
Фота: Беларуская Рада культуры

Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры прэзентавалі ў Вільні праект «ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва».

Спікерамі прэс-канферэнцыі былі: Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры; Таццяна Пашавалава, распрацоўніца праекту ArtPower Belarus; Мэс Эстэргор, часовы дырэктар Дацкага інстытуту ў Эстоніі, Латвіі і Літве (Беларусі і Украіне).

На рэалізацыю гэтага праекта Еўрасаюз вылучае 2 мільёны еўра на 28 месяцаў. Беларуская незалежная культура ўпершыню трапіла ў прыярытэты працы Еўрасаюза з Беларуссю. Перамовы з мэтай вылучэння сродкаў на культуру Беларусі вяліся на працягу двух гадоў.

Культура часта разглядаецца як маргінальная з’ява, яна выпадае з поля ўвагі падчас сусветных катаклізмаў, аднак Сяргей Будкін, кіраўнік Рады культуры, настойвае на асэнсаванні культуры ў больш шырокім кантэксце – як таго, што захоўвае нас як грамадзян краіны, мацуе незалежнасць і становіцца рухавіком пераменаў.

Распрацоўкай праграмы праекта займалася Беларуская Рада культуры, якая шмат зрабіла дзеля таго, каб наша культура была заўважаная і ўвайшла ў лік прыярытэтаў еўрапейскіх праграм. Аднак, як маладая арганізацыя, Рада мусіла знайсці партнёра з адпаведным досведам і рэпутацыяй, тую інстытуцыю, што магла б выступіць аператарам у працы з грашыма. Пасля кансультацый быў выбраны Дацкі інстытут культуры (DCI), які стаў вядучым партнёрам у гэтай праграме.

Дацкі інстытут культуры мае адпаведны досвед буйных міжнародных праектаў па ўсім свеце, у прыватнасці ў краінах «Усходняга партнёрства». З Беларуссю супрацоўніцтва пачалося ў 2015 годзе і адбывалася ў выглядзе культурных абменаў. Супрацоўнічаць з Радай культуры інстытут стаў з пачатку 2021 года, адным са значных сумесных праектаў была падрыхтоўка дапаможніка па культурніцкіх правах.

Галоўныя мэты праекта

Арганізацыя працы праекта будзе адбывацца наступным чынам. На сайце будуць змешчаны публічныя палажэнні конкурсаў, у якіх будзе дакладна прапісана, куды, як і ў якой форме падаваць заяўку на грант. Затым кожны конкурсны праект будзе ацэньвацца не менш як двума незалежнымі экспертамі (не экспертамі Рады культуры), якія не павінны быць звязаныя з тымі, хто падае заяўкі.

Непасрэднай распрацоўніцай праекта з’яўляецца Таццяна Пашавалава, якая раскрыла яго асноўныя мэты.

Галоўная з іх – падтрымаць дзеячаў культуры двума спосабамі. Першы з іх – фінансаванне творчых праектаў, гранты на якія будуць выдзяляцца на конкурснай аснове, як гэтага і патрабуе працэдура Еўрапейскага саюза. Другі – гэта падтрымка схем мабільнасці беларускіх дзеячаў культуры, іх магчымасцей удзельнічаць у рознага кшталту міжнародных імпрэзах і адукацыйных праектах у шэрагу краін.

У межах «ArtPower Belarus» Рада стварае Рэсурсны цэнтр. Гэта рэальная прастора для камунікацыі, што будзе месціцца ў Вільні. «Мы таксама плануем правесці курс падрыхтоўкі менеджараў культуры, штогод ажыццяўляць міжнародныя культурніцкія канферэнцыі ды рыхтаваць рэгулярныя аналітычныя справаздачы, – адзначыла Таццяна Пашавалава. – Пэўны адсотак ад грошай праекту разлічаны на экстраную дапамогу прадстаўнікам культуры».

Бюджэт на незалежную культуру: ці хопіць двух мільёнаў?

Паўстала пытанне, ці такія невялікія сродкі, як два мільёны еўра на 28 месяцаў – адносна невялікая сумма, – атрымаецца эфектыўна скарыстаць, каб падтрымаць развіццё беларускай культуры. Сяргей Будкін лічыць гэтую суму добрым пачаткам, калі яе размеркаваць эфектыўна. Бо з гэтых праектаў могуць вырасці новыя ініцыятывы, а адукацыйны праграмы народзяць новых арт-менеджараў, і тады можа будзе казаць пра далейшы пошук падтрымкі. Спадар Сяргей адмыслова падкрэсліў, што гэты бюджэт не прызначаны на ўтрыманне Рады культуры.

Максімальная сума, разлічаная на адзін праект, будзе складаць 60 тыс. еўра. Сума на мабільнасць (на паездкі) – каля 2 тысяч еўра на чалавека. Большая частка сумы будзе размеркавана, а астатняе пойдзе на «аналітыку»: на сустрэчы, канферэнцыі і абмеркаванні.

Падтрымка культурнага жыцця ўнутры Беларусі

Таццяна Пашавалава патлумачыла, што гэты праект разлічаны ў першую чаргу на тое, каб падтрымаць творцаў у Беларусі.

«Мне здаецца, – паведаміла спадарыня Таццяна, – што тыя, хто будзе прымаць рашэнні, стануць аддаваць прыярытэт людзям унутры краіны. Таму што менавіта ў Беларусі павінна жыць беларуская культура, менавіта там павінны выпрацоўвацца новыя сэнсы. А культура – гэта і ёсць вытворчасць новых сэнсаў. Толькі там з’явяцца новыя ідэі, як нам перамагчы і наладзіць сучасны нармальны лад жыцця ў будучыні. Калі гэтага не будзе ўнутры краіне, гэтага не будзе нідзе. Але мы спадзяемся, што кааперацыя тых, хто ўнутры Беларусі, і тых, хто за яе межамі, дасць магчымасць рэалізаваць творчыя ідэі і арганізаваць каналы дастаўкі твораў да гледача і чытача».

Нельга не ўлічваць і пытанняў бяспекі. Каманда мяркуе тут давяраць заяўнікам: калі самі творцы ў Беларусі лічаць рэалізацыю праекту магчымаю, то  яго падтрымаюць.

Меркаваныя вынікі

На які вынік разлічваюць арганізатары праекта? Якіх зменаў чакаць у культуры?

Таццяна Пашавалава разлічвае, што напрыканцы гэтага перыяду дзеячы культуры, патроны, мецэнаты стануць больш асацыяванымі і будуць лепш разумець свае інтарэсы.

З’явяцца сучасныя цікавыя творы, што адказваюць на выклікі часу, якія будуць заўважныя як у Беларусі, так і за яе межамі. А беларускія дзеячы будуць жаданымі партнёрамі ў любой культурнай сферы. І пачнуць быць бачнымі – «не таму, што скардзяцца, а таму, што добра робяць сваю працу».

Сяргей Будкін бачыць вынік у тым, што творцы будуць разумець, як выжываць, развівацца і ісці далей: «Мы не хочам замыкаць працэс на сабе, а спрабуем запускаць і спрыяць стварэнню новых арганізацый і новых праектаў. Калі ў нас будзе больш арт-менеджараў і больш творцаў, якія будуць займацца самапрадзюсаваннем, калі знікнуць гісторыі пра ныццё і ахвярнасць, а з’явіцца разуменне будучыні і годнасць, тады, мне здаецца, мы зробім першы значны крок наперад».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: