Касцёл святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску – па праве можа лічыцца яшчэ адной славутасцю горада на Дзвіне. Святыня парафіі святога Уладзіслава адметная не толькі архітэктурай – яна выканана ў сучасным мінімалістычным стылі, але і ўнутраным ўбранствам – незвычайным роспісам беларускага мастака Уладзіміра Кандрусевіча.
Reform.by удалося трапіць на публічную экскурсію мастака, у якой ён коратка патлумачыў сюжэты выяўленых карцін і свой мастацкі погляд.

Па-першае, Уладзімір Кандрусевіч зазначыў, што ў сваёй працы для яго было важна зрабіць адсылкі да стылістыкі барока, якая была ўзята на ўзбраенне ордэнам езуітаў.
– Ігнацый Лаёла, у гонар якога пасвечаны Касцёл – заснавальнік ордэна айцоў-езуітаў, – распавядае мастак. – Ён прыязджаў да Папы Паўла ІІІ прыкладна ў той час, калі Мікеланджэла распісваў “Страшны суд” у Сікстынскай капэле. Гэта быў пачатак часоў Рэфармацыі, і ордэн упадабаў эстэтыку барока. У пэўным сэнсе мой выбар эстэтыкі і быў абумоўлены захапленнем езуітаў барочнымі роспісамі сценаў. Мне захацелася зрабіць адсылкі да той стылістыкі, але ў выніку таго, што гэта мова мастацтва можа складана ўспрымацца, я вырашыў больш адаптаваць яе да сучаснасці, – распавядае жывапісец.
Так, Уладзімір Кандрусевіч вырашыў пагуляць з прасторай святыні і рознымі візуальнымі эфектамі. Рамы, якія падзяляюць роспіс на фрагменты, – не зроблены з дрэва, а намаляваны на сцяне.

Сама ж фрэска мае назву “Лесвіца ў неба”.
У гэтым кантэксце адразу звяртаеш увагу на левы цэнтральны фрагмент фрэскі, на якім у адной з фігур можна пазнаць саліста гурта Led Zeppelin – Роберта Планта.
– Так, у гурта ёсць песня “Stairway to heaven”, – пагаджаецца аўтар, – але гэта тэма прасочваецца не толькі ў музыцы. Скажам, у літаратуры можна ўзнавіць радкі Ахматавай “Будто там впереди не могила, а таинственной лестницы взлет…”, ці Бродскага “Когда ступеньки этой лестницы уходят из-под ног, как палуба…” – адсылак на гэты матыў шмат. Калі раней мастакі малявалі гару, якая з’яўлялася сімвалам духоўнага росту – шляху да неба, то мне падаецца, што сучасніку бліжэй і больш зразумела будзе метафара лесвіцы. Тым больш, што ў Беларусі няма гор, – тлумачыць свой погляд Уладзімір Кандрусевіч.

Мастак звяртае ўвагу на кампазіцыю роспісу – па гарызанталі ён падзелены на тры шэрагі.
– Першы шэраг – гэта падземнае царства, катабасіс і сюжэты, звязаныя са спускам у пекла, – кажа ён. – Сярэдні шэраг – зямное жыццё. А верхні ўзровень – нябёсны.

Напрыклад, можа бачыць, як арханёл Міхаіл не пускае крывадушнікаў на неба, – указвае ён на верхні фрагмент фрэскі.
– У яго меч джэдая? – пытаецца хтосьці з супольнасці.
– Я стараўся перазадаваць сабе пытанні пра тыя рэчы, якія мы прызвычаіліся бачыць, наноў, – адказвае мастак. – Скажам, калі мы падумаем пра тое, як выяўляўся німб, – гэта можна трактаваць як заўгодна. Напрыклад, што німб – гэта светлавая энергетычная абалонка.Тады чаму меч арханёла не можа быць светлавым?

Скажам, я пачаў даследаваць чаму залаты колер – эталон святасці і вечнасці? – працягвае расповед Уладзімір Кандрусевіч. – А чорны колер – прыкмета цёмнага боку? Высветлілася, што ў Візантыі ў той час золата было самым дарагім матэрыялам. А самым дарагім пігментам з’яўляўся ляпіс блакіт – гэта напаўкаштоўныя камяні – і таму ім малявалі плашч Марыі. Усё гэтыя матэрыялы былі самымі дарагімі ў нашым рэальным і матэрыяльным жыцці. Усё з’яўлялася своеасаблівым эквівалентам.
Заходзіць размова пра выяву знакамітых людзей на роспісу. У прыватанасці, пра слынны вобраз Дыега Марадоны.

– Вы ведаце, што ў святароў ёсць звычай раз у год абмываць ногі камусьці са сваёй паствы, – пачынае адказ мастак. – І зусім не абавязкова, каб такі чалавек, якому робяць ласку, быў святы. Узгадаем Хрыста, які абмываў ногі сваім вучням перад Тайнай Вячэрай. Калі я рабіў эскіз да гэтага фрагменту, то ў медыя акурат з’явілася навіна пра смерць Марадоны (Сустветнавядомы футбаліст памёр у 2020 годзе – заўв. Reform.by), – шчыра дзеліцца аўтар. – Гэта звестка ўзнавіла ў маёй памяці ланцуг успамінаў пра шыкоўныя галы спартсмена. І я падумаў пра тое, што Папа Рымскі Францішак – сам з Аргентыны, з’яўляецца вялікім футбольным фанатам. Усё гэта звязалася – і нарадзіўся такі сюжэт: Папа Францішак абмывае ногі Марадоне.
Уладзімір Кандрусевіч зазначае, што часам людзі бачаць у выяўленых ім фігурах і тых асобаў, якіх ён зусіў не меў на ўвазе. Але адмовіць у інтэпрэтацыі сваёй працы гледачу ён не здольны.
Гучыць пытанне пра выяву мужчыны, які нясе выратавальны круг.
– Для мяне – гэта тэма настальгіі па моры, якая прысутнічае ў Беларусі, – адказвае Кандрусевіч. – Мы заўжды настальгуем па далёкіх “цёплых краях”, па ўмоўным выраі.
Па-другое, выратавальны круг – гэта прамая метафара – мы маем патрэбу ў падтрымцы, нейкай “саломінцы”, за якую можна трымацца, а калі яшчэ ўзнавіць вядомы надпіс на крузе – S.O.S – які, нагадаю, расшыфроўваецца як Save Our Souls (Выратуйце Нашы Душы), – мне падаецца, усё злучаецца адно з адным цалкам арганічна.
Варта адзначыць, што нягледзячы на незвычайнасць у падачы вядомых рэлігійных тэм і сюжэтаў, праца Уладзімір Кандрусевіча ўражвае вольнай развагай і выдатным мастацкім выкананнем. Непасрэдна ў Касцёле адчуваецца ўздзеянне ад жывапіснага роспісу, якое не перадаецца на фотаздымках.

– У гэтай частцы фрэскі вы можаце бачыць, як хлочык запускае бурбалкі. Яны пераадольваюць гравітацыю, ляцяць у неба – і гэта ўжо метафара малітвы, добрых помыслаў, – звяртае ўвагу на яшчэ адзін сюжэт мастак. – Дух, дыханне, спірытус – гэта атрыбут жыцця. Гэта тэма ў розных формах выяўляецца тут, ды ў іншых маіх працах, – дзеліцца ён.
У роспісе таксама ёсць выява паветранага шарыка, дырыжабля, кіта. Пераадольваючы гравітацыю, кіт лунае ў небе.
– Кіт можа ўспрымацца як сімвал хрысціянства, – кажа мастак.
– Цікава, што ў фрагменце “Дабравешчанне” Марыя атрымоўвае ад Арханёла жоўтую стужку… – гучыць наступная рэпліка да гледача.

– У традыцыі па-рознаму адлюстроўваюць яго словы і адказ Марыі. Я вырашыў зрабіць гэта ў выглядзе стужкі, на якой напісана “Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі…”. Атрымаўся такі тэлеграф, – не стамляецца тлумачыць аўтар.
У фрэсцы Уладзіміра Кандрусевіча ёсць постаці, якія трымаюць у руках самыя розныя тэхнічныя інструменты – мабільныя тэлефоны, фотаапарат, віртуальныя акуляры… І гэтыя дэталі таксама становяцца падставай для пытанняў і развагаў.
– Ва ўсіх эпохах малявалі тое, што зразумела сучасніку, а не гістарычным персанажам, – падсумоўвае Уладзімір Кандрусевіч. – Для мяне важна, наколькі рэлігія і мастацтва пераклікаюцца з сучасным жыццём, і з тым, што вакол нас.

Уладзімір Кандрусевіч – мастак-манументаліст, жывапісец, у даробку якога – роспісы сямі святыняў. Фрэска ў касцёле Святога Ігнацыя Лаёлы – яго восьмая праца.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: