Войны з нябачным ворагам: як эпідэміі мянялі гісторыю чалавецтва

Главное
Walter Reed Hospital Flu Ward, 1918. Фота: Harris & Ewing/Underwood Archives, loc.gov

Па стане на вечар 3 красавіка ад COVID-19 у свеце памерлі 50.489 чалавекі, ідэнтыфікаваныя 976.249 чалавек на ўсіх кантынентах, хіба што акрамя Антарктыды. Хвароба закранула 207 краін, і невядома, калі яе распаўсюд пачне замаруджвацца. Відавочна, што з ёй увесь свет перажыве маштабны эканамічны крызіс, за якім, магчыма, яго накрые цэлы шторм палітычных турбулентнасцяў. Аднак, як бы там ні было, чалавецтва перажывала шматлікія жахлівыя эпідэміі — давайце прыгадаем іх і іхнія наступствы.

Дагістарычны забойца?

Неалітычным заняпадам называюць рэзкае падзенне насельніцтва 5-6 тысяч гадоў таму ў заходняй Еўразіі. Перад гэтым насельніцтва тут хутка расло дзякуючы развіццю сельскай гаспадаркі і новых тэхналогій, такіх як жывёлагадоўля, ганчарства, кола.

Масавае неалітычнае пахаванне ў Швецыі са слядамі лёгачнай чумы. Karl-Göran Sjögren, University of Gothenburg

Аднак раптам шматлікія паселішчы тагачасных людзей проста знікаюць і ніколі не аднаўляюцца. Прычыны гэтага масавага вымірання людзей у нашым рэгіёне дакладна не вядомыя, аднак адна з самых аўтарытэтных версій — эпідэмія, якая перадалася ад жывёлаў, што жылі побач з людзьмі.

У мінулым годзе ў Швецыі было адкрыта пахаванне 79 чалавек часоў Неалітычнага заняпаду, у якім былі знойдзены сляды патагена лёгачнай чумы, якая перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад чалавека да чалавека.

Эпідэмія, якая радыкальна змяніла ход вайны

У 430 годзе да Раства Хрыста падчас Пелапанескай вайны паміж старажытнагрэцкімі гарадамі-дзяржавамі, калі перамога Афінаў над Спартай была ўжо зусім блізкая, пачалася так званая Афінская чума. Колькасць памерлых ад яе ацэньваецца амаль у 100.000 чалавек — гэта пры тагачаснай шчыльнасці насельніцтва!

Лічыцца, што пошасць забіла кожнага чацвёртага афінскага грамадзяніна і жаўнера (аснову войска складала апалчэнне грамадзян). Згодна са звесткамі, лятальнасць хваробы была такой, што часта чалавек паміраў хутчэй, чым паспяваў заразіць іншага — эпідэмія як бы сама паступова забівала сябе. Гісторыкі медыцыны дагэтуль спрачаюцца, што гэта магло быць — бубонная чума, тыф, воспа, адзёр ці інфекцыйна-таксічны шок, выкліканы таксінамі нейкіх бактэрый ці вірусаў.

Трыюмф смерці. Карціна Пітэра Брэйгеля (каля 1562 г.) пра жахі вялікай эпідэміі.

Магчыма, яшчэ больш цяжкім ударам для горада стала тое, што загінуў Перыкл — найбольш аўтарытэтны і здольны кіраўнік дзяржавы і войска. У выніку афінскае грамадства было дэзарганізаванае, войска і флот рэзка аслаблі, у іх упаў баявы дух.

Афіны, якія былі на парозе перамогі, у выніку прайгралі вайну Спарце і назаўсёды перасталі быць супердзяржавай Старажытнага свету.

Першая сусветная… эпідэмія

Гісторыкі называюць першай ў гісторыі востра лятальнай хваробай, якая ахапіла ўвесь вядомы тагачасны сусвет, так званую Чуму імператара Юстыніяна – гэта першы дакладна запісаны выпадак з’яўлення бубоннай чумы. Яна была зафіксаваная ў Егіпце ў 541 годзе нашай эры і ў наступным годзе дасягнула Візантыйскай імперыі і Еўропы.

Змрочная фігура чумнога доктара 17 стагоддзя. У «дзюбу» маскі клалі араматычныя травы, каб абараніцца ад непрыемнага паху, які лічылі пераносчыкам хваробы. Пауль Фюрст, гравюра, 1721 г.

Па словах візантыйскага храніста таго часу, у найгоршы час у сталіцы Візантыйскай імперыі Канстантынопалі, дзе жыло каля 500.000 чалавек, кожны дзень колькасць смяротных ахвяраў даходзіла да 10.000!

Эпідэмія апанавала вялікія прасторы Еўропы, Афрыкі і Азіі. Няма дадзеных хіба што пра яе з’яўленне ў Аўстраліі і Амерыцы, але, магчыма, гэта толькі наступства адсутнасці адпаведных крыніцаў.

Чума Юстыніяна забіла за 200 год да 100 мільёнаў чалавек — гэта ад чвэрці да паловы насельніцтва, якое жыло ў вядомым тады свеце. У выніку насельніцтва толькі адной Еўропы скарацілася прыкладна ў два разы. Гэта моцна аслабіла хрысціянскі кантынент — лічыцца, што чума моцна дапамагла готам і ламбардам, а потым і арабам у войнах супраць Візантыі.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што хвароба, якая дайшла да Брытаніі, таксама забіла шмат тамтэйшых раманізаваных кельтаў, чым забяспечыла засяленне выспы англамі і саксамі.

Назаўсёды ў свядомасці — і таксама з Кітая

Як мы бачым, катастрафічныя эпідэміі накрывалі Зямлю задоўга да Сярэднявечча. Аднак аніводная пошасць не паўплывала на нашу гісторыю і культуру так, як чума XIV стагоддзя, якая атрымала выключнае сярод усіх астатніх эпідэмій імя — Чорная Смерць.

Менавіта яна стварыла большасць еўрапейскіх стэрэатыпаў пра эпідэмічныя хваробы і звязаныя з імі жахі. Перш за ўсё, вядома, дзякуючы таму, што творы мастацтва сярэднявечнай Еўропы дагэтуль застаюцца для нас блізкімі і актуальнымі. Акрамя таго, дзякуючы росту адукацыі ў Еўропе Высокага Сярэднявечча, хуткаму (ужо ў наступным стагоддзі) пачатку кнігадрукавання рэзка вырасла колькасць сведчанняў і дакументаў, якія дайшлі да нас.

Гісторыкі пішуць, што хвароба, якая была з вялікай верагоднасцю спалучэннем распаўсюду адразу трох формаў чумы – бубоннай, септычнай і лёгачнай, прыйшла з Азіі, магчыма, з тэрыторыяў паўночнага Кітая. Пошасць магла прыйсці на наш кантынент з мангольскімі войскамі ці гандлярамі, што ішлі Вялікім шаўковым шляхам.

Па адной з версій, манголы тады трымалі ў аблозе горад Кафа (зараз – Феадосія) у Крыме, які тады быў крэпасцю і гандлёвай калоніяй Генуі — горада-дзяржавы ў сучаснай Паўночнай Італіі. Ад манголаў чума трапіла ў горад, а з абложанага горада праз генуэзскія караблі хвароба магла трапіць у Італію. Як бы там ні было, яна закранула ў 1347-1351 гадах усю Еўропу, у тым ліку нашу тагачасную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае.

«Танец смерці» – алегорыя часовасці чалавечага існавання, якая стала папулярная ў Еўропе пасля Чорнай Смерці. Ілюстрацыя з кнігі 18 стагоддзя.

За некалькі гадоў загінула траціна насельніцтва тагачаснай Еўропы — 20-30 мільёнаў чалавек. Загінула палова насельніцтва Парыжа, больш за палову жыхароў Фларэнцыі, Лондана, Гамбурга, Брэмена. У Нямеччыне колькасць населеных пунктаў з 1350 па 1450 гады знізілася са 170.000 да 40.000. Усе войны еўрапейскага Сярэднявечча разам узятыя і блізка не забілі столькі людзей за тысячу гадоў, як Чорная Смерць забіла ў Еўропе меньш за 10 гадоў. Па ўсёй Еўразіі магло загінуць да 200 мільёнаў чалавек.

Найбольш вялікія страты ад Чорнай смерці панеслі святары, манахі, манахіні і дактары, бо менавіта яны дольш за ўсіх заставаліся з хворымі і дапамагалі ім. Смерць, якая кожны дзень забівала, з якой, як падавалася, нічога немагчыма зрабіць, разбурала законнасць і парадак, прыводзіла ў некаторых месцах да анархіі, хаосу, рэзкага росту злачыннасці, забабонаў, масавай гістэрыі і нянавісці. Выкліканыя эпідэміяй пагромы ў многіх гарадах Заходняй Еўропы прывялі да міграцыі жыдоўскага насельніцтва ў Польшчу і Вялікае княства Літоўскае, дзе стаўленне да яго было больш мяккім.


Наступствамі для Еўропы таксама сталі рэзкі рост заробкаў працоўных (з-за павялічэння попыту на працоўную сілу), паляпшэнне становішча сялян. У той жа час знізіліся кошты на зямлю і ежу.

Порах, сталь… і мікробы

Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў зрабіла хрысціянскую Еўропу адзінай сапраўднай сусветнай цывілізацыяй. Еўрапейскія рэлігія, светапогляд, навука і культура распаўсюдзіліся на ўсе кантыненты, сталі ўзорамі для ўсіх астатніх — ад Японіі да Амерыкі і Аўстраліі.

Аднак адначасова еўрапейцы несвядома неслі з сабою хваробы, імунітэт да якіх яны ўжо ў значнай ступені атрымалі, але тыя народы, з якімі еўрапейцы сустракаліся, яго не мелі.

Індэйскія малюнкі 16 стагоддзя пра пакуты ад эпідэміі воспы.

Не вядома дакладна, напрыклад, колькі людзей жыло ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы да таго, як туды трапілі іспанскія і партугальскія канкістадоры. У значнай ступені яны падпарадкоўвалі сабе мясцовыя плямёны мірным шляхам, заключаючы саюзы — гэтак Эрнан Картэс аб’яднаў вакол сябе шмат індзейцаў, якія былі ворагамі ацтэкскай імперыі з яе чалавечымі ахвярапрынашэннямі.

У выніку, калі ў пачатку XVI стагоддзя насельніцтва сучаснай Мексікі ацэньваецца ў 20-22 мільёны чалавек, то меньш чым праз 30 гадоў там жыло ўсяго каля 3-4 мільёнаў людзей, згодна з ацэнкамі гісторыкаў. Такім чынам, Мексіка страціла 80-90 адсоткаў насельніцтва — амаль усе яны былі індзейцамі, і практычна ўсе загінулі ад эпідэмій еўрапейскіх хваробаў — воспы, халеры, грыпа і іншых. Як і падчас Чорнай Смерці ў Еўропе, манахі, святары і лекары, якія прыбылі разам з канкістадорамі, стараліся неяк дапамагчы хворым, аднак навука яшчэ стагоддзі не вынайдзе надзейных сродкаў ад гэтых пошасцяў.

Гэтак не мячы ці кулі жменькі еўрапейцаў, а вірусы, мікробы і бактэрыі радыкальна змянілі дэмаграфію толькі што адкрытага кантынента.

Некаторыя плямёны Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі проста перасталі існаваць, іншыя гэтак аслаблі, што ўжо перасталі быць заўважным фактарам жыцця нават на тых землях, на якіх яны жылі.

Эпідэміі ў чарговы раз змянілі твар нашай планеты і, магчыма, цяпер змяняюць яго зноў.

Бясконцая вайна… за гонар называцца чалавекам

Свет змяняецца, разам з ім змяняюцца і хваробы — мы цяпер ужо амаль не турбуемся наконт чумы ці воспы, але ўзнікаюць новыя і новыя варыяцыі розных інфекцый. Вядома, біялогія і медыцына прайшлі вельмі вялікі шлях за апошнія 2000 гадоў, аднак амаль неверагодна, што будзе вынайдзены нейкі ўніверсальны сродак — панацэя, якая абароніць не толькі ад усяго, што ёсць у прыродзе, але і ад мільярдаў мутацый вірусаў і бактэрый, якія адбываюцца кожную секунду па ўсім свеце.

Такім чынам, мы не абароненыя на 100 адсоткаў ад паўтарэння старажытнай трагедыі тых жа Афінаў — дарэчы, як і ім, нам зараз ёсць ад каго бараніць сваю незалежнасць, бо гібрыдную вайну ніхто не адмяняў.

Пошасць можа прынесці і нясе крызіс эканомікі, сацыяльны крызіс, часам — крызіс праваахоўнай сістэмы і палітычную нестабільнасць.

Па вялікім рахунку, у любы час і незалежна ад абставінаў эпідэміі людзям надзею на ўратаванне даюць тры рэчы — цвярозы розум, свядомае захаванне этычных нормаў і супраца з іншымі людзьмі дзеля агульнай мэты. Менавіта такія сітуацыі экзістэнцыяльнага выбару паказваюць нам, чым чалавек радыкальна адрозніваецца ад жывёлы.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашы там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

🔥 Читайте нас в Twitter!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: