Восень электарата Лукашэнкі

Мнение
Фото: Sandis Helvigs, unsplash.com

Пасля Лукашэнка адрынуў Закон пра хатні гвалт. Нават не сам праект, а ў корані саму ідэю. Кшталту «я турбуюся пра вашы традыцыі. Нас у дзяцінстве лупілі і мы сваіх дзяцей і жонак (часам мужоў) лупім. Мы ж як лепш хочам, каб людзьмі раслі, каб сям’я моцнай была».

Тым часам дзесьці ў кругласуткавай дзіцячай стаматалогіі позна ўвечары ўтварылася вялікая чарга бацькоў з дзецьмі. Малыя хныкалі, а некаторыя плакалі ад болю, але чарга сунулася вельмі марудна. Цюк-цюк-цюк… Гэта Зінаіда Іванаўна, старэйшая медычная сястра на рэцэпцыі запаўняе дадзеныя пацыентаў. Цюк-цюк-цюк… «Дзе ж гэтая літара «я»? А, во – у самы вугал загналі». Не за тое ў 1994-м годзе Зінаіда Іванаўна галасавала за Лукашэнку, каб на старасці гадоў цярпець во гэты здзек – кампутар! А суседка-настаўніца заўчора казала, што яе прымушаюць запаўняць электронны дзённік класа. Заданні туды ўпісваць, ацэнкі выстаўляць. На гэным… На сайце. Зусім вакол усе падурнелі.

Цюк-цюк-цюк… «Ад рукі ўжо бы пяць анкет запоўніла, а тут адну мучаю, эх..».. Для пацыентаў пекла? Не! Пекла надышло для медсястры. Яна ўчора чарговы раз прачытала ў газеце пра аднаполыя шлюбы. Гэта ж усе вымруць праз колькі гадоў! Кашмар. Але прэзідэнт падтрымаў. Хоць словам. Грашыма ўжо не падтрымлівае. Дваццаць гадоў таму думала на пенсіі па курортах паездзіць, дзе там. Ну хоць словам во падтрымаў – традыцыйныя каштоўнасці падтрымаў, так.

Не, ну праўда, спачатку дзяцей не лупцаваць рэменем, а пасля сем’і распадаюцца, жэняцца бабы з бабамі і мужыкі з мужыкамі… А тут яшчэ кампутар гэты. А муж Зінаіды Іванаўны – начальнік цэха на заводзе, паважаны чалавек. У газеце напісалі, што ў нейкіх каворкінгах прыдумляюць, як рабочых у цэху замяніць на робатаў. А як начальніку цэха кіраваць робатам? На яго крычы – не крычы, пагражай забраць прэмію – не пагражай, усё без сэнса.

Зінаіда Іванаўна наўрад ці ў курсе што праз пару гадоў пасля таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, было модна цытаваць «Восень патрыярха» Габрыеля Гарсіі Маркеса. Здавалася, што яшчэ крыху – і ўсё, канец гісторыі з першым прэзідэнтам. Шмат чаго супадала між тэкстам калумбійскага фікшану з беларускай рэальнасцю. Апроч аднаго прынцыповага моманту – Лукашэнка быў маладым.

Электарат састарэўся разам з сваім абраннікам. Абарона «традыцыйных каштоўнасцяў», кшталту падтрымкі алкаголя, «барацьбы з наркаманіяй», заахвочвання збіцця дзяцей, легалізацыі смяротнага пакарання, публічнага прыніжэння падначаленых, пужання Захадам – усё гэта букет ідэалагем, якія больш-менш новая, а тым больш зусім новая, генерацыя не счытвае. Зіна Іванаўна схоплівае ўсё, што кажа Лукашэнка ў палёце, бо так казалі вялікія начальнікі ў часы яе маладосці. А ўнук Зінаіды Іванаўны посціць мэмчыкі ў сацсетку, у тым ліку карыкатуры Лукашэнкі. Для яго гэты злы, смешнага выгляду дзядзька ў тэлевізары бабулі – ніхто і ні пра што. Мэмчык.

Электарат Лукашэнкі старэе, сыходзіць, а значыць і новыя фокусы правадыру прыдумляць не трэба. Дый сумняюся, што ён мог бы прыдумаць штосьці новае. Тым часам трывае працэс над маці і айчымам, якія забілі да смерці двухгадовую дзяўчынку. Традыцыйна, па-хатняму.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: